Гісторыя замка

Крэўскі замак. Кароткая гістарычная даведка

 

Замак у вёсцы Крэва з’яўляецца комплекснай гісторыка-культурнай каштоўнасцю, якая лучыць у сабе розныя па часе пабудовы з дамінантай сярод іх рэштак мураванага замка 13-14 ст.ст.

Этапы развіцця комплексу:

1) кан. 13 ст.-1338 г.

2) кан. 14-пач.15 ст.ст.

3) сяр. 15 -18 ст.ст.

4) 18 ст.

5) кан. 18-кан. 19 ст.ст.

6) кан. 19 ст.-пач. 20 ст.

7) пач. 20 ст.-1929 г.

8 ) 1929-1930 г.г.

9) 1930 г.-па нашыя дні

 

1) кан. 13 ст.-1338 г. — пабудаваны першапачатковы мураваны замак пры тракце з Заслаўя на Вільню ў прыроднай дрыгвяністай даліне між высокіх пагоркаў, пры ўпадзенні рэчкі Крэвянка ў ручай, пазней названы Шляхцянка. Першая дата вызначаная на падставе дэндрахраналагічнага аналізу адзінкавай знаходкі ў 1985 г.(археал. даследванні п/кір. А.А. Трусава), другая – першая пісьмовая згадка пра замак у Хроніцы вялікіх князёў літоўскіх.

Замак уяўляе ў плане няправільную трапецыю абарончых муроў з баявымі галерэямі, з брамамі ў паўночным і паўднёвым мурах, звонку да паўночна-заходняга рогу абарончых муроў крыху пазней прыбудаваная вежа-данжон “Кейстутава вежа”

Замкавы компекс складаўся, апроч непасрэдна замка, з Замкавага става на паўднёвы ўсход пры замкавых мурах, Юравай гары на паўднёвы ўсход за замкавым ставам, стаўка ў перыметры муроў.

Расплянаванне замкавага комплексу і яго месцазнаходжанне ў навакольным ландшафце адпавядае тагачаснай практыцы абароны:

а) адсутнасць шырокага ўжытку артылерыі не рабіла пагоркі вакол замка небяспечнымі пунктамі аблогі;

б) знаходжанне навакол замка дрыгвяністай глебы ўскладняла пешы і конны подступ абложнікаў;

в) блізкасць да вады спрашчала здзяйсненне фортыфікацыйных мерапрыемстваў;

г) знаходжанне ў нізкім вільготным месцы забяспечвала замак невычарпальнай крыніцай вады;

д) праз асаблівасці рэльефу, замкавыя ўмацаванні дазвалялі поўнасцю кантраляваць тракт з Заслаўя на Вільню.

Замак займаў важнае стратэгічнае значэнне ў лініі ўмацаванняў, так званай “Лініі Гедыміна”, пры тагачаснай заходняй мяжы Вялікага княства Літоўскага, чыёй мэтай была абарона краіны ад нападаў Ордэну Мечаносцаў.

 

2) Кан. 14-пач.15 ст.ст. — працы па далейшай забудове замкавага комплексу, меркавана, пад кіраўніцтвам вялікага князя Альгерда або ягонага сына Ягайлы. Пад час працаў да паўднёва-ўсходняга кута замкавых муроў прыбудаваная мураваная “Малая” вежа, у вежы-данжоне драўляныя перакрыцці часткова замяняюцца на цагляныя гатычныя скляпенні.

 

3) Сяр. 15 -18 ст.ст. — замак адыгрывае ролю адміністрацыйнага цэнтру і вайсковага ўмацавання.

-1433 г. замак спалены войскам князя Свідрыгайлы

-з 16 ст. замак становіцца рэзідэнцыяй Крэўскіх старастаў, у гэты час на тэрыторыі замка знаходзіцца драўляны будынак ратушы.

-1503-1506 г.г — замак быў пашкоджаны падчас нападаў перакопскіх татараў;

-1519 г. — замак узяты аблогай маскоўскага войска.

 

4) 18 ст. — страчвае вайсковае значэнне з разбурэннем падчас Паўночнае вайны і болей не аднаўляецца, набывае выключна цывільнае значэнне.

 

5) кан. 18-кан. 19 ст.ст. — замак знаходзіцца ў прыватнай уласнасці і паступова занепадае.

 

6) кан. 19 ст.-пач. 20 ст. — меліяратыўныя працы падчас якіх часткова знішчаныя фортыфікацыйныя ўмацаванні вакол замка, змененае рэчышча Крэвянкі.

 

7) пач. 20 ст.-1929 г. — замак апынаецца на лініі фронту, становіцца часткай нямецкіх фортыфікацыйных умацаванняў, у гэты перыяд узводзяцца бетонныя бліндажы, праводзяцца камунікацыі. За час баявых дзеянняў замак быў моцна разбураны, асноўныя канструкцыі або прыйшлі ў аварыйны стан, або страчаныя зусім.

 

8 ) 1929-1930 г.г — праводзяцца працы па кансервацыі замкавых муроў пад кіраўніцтвам інжынера Яна Бароўскага. Пад час працаў контрфосам умацаваны фрагмент паўночнага мура, аблямаванне Кейстутавай вежы звязана жалезнымі зацяжкамі, падмуаваныя ўчасткі муроў і падмуркаў.

 

9) 1930 г.-па нашыя дні — пачынаецца навуковае даследванне замкавага комплексу і выпрацоўка падыходаў да кансервацыі.

З 1970-х г.г. — распачатае археалагічнае даследванне комплекса.

Фотаздымкi Больш фотаздымкаў у фотагалерэі