Гісторыя мястэчка Крэва

Вёска Крэва Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці знаходзіцца на шашы Р95 на адлегласці 1 км. на поўнач ад яе скрыжавання з шашой М7 (Е28), на адлегласці прыблізна 100 км ад Мінску і 300 км ад Гродна.

Вёска ўяўляе сабой натуральна складзены ландшафтна-архітэктурны ансамбль, размешчаны ў лагчыне паміж пагоркаў на месцы ранейшага перасячэння трактаў з Заслаўя на Вільню і са Смаргоняў на Ашмяны.
Паўночная частка паселішча мяжуе з Крэўскім лясгасам, паўночна-заходняя – з гаспадарчым дваром калгаса, астатнія часткі мяжуюць з ворыўнымі землямі. Большая частка забудовы – жылая аднапавярховая драўляная, размешчаная з розным аддаленнем ад галоўнай лініі вуліцы. Сетка вуліц Крэва утваралася на працягу 700 год, шляхам развіцця з першапачатковага перакрыжавання дзвюх трактаў і гандлёвага пляца на іх перасячэнні. Паступовае разгалінаванне вулінай сеткі прывяло да стварэння жылых раёнаў з рознай плотнасцю забудовы і памерамі зямельных прысядзібных участкаў.

Візуальныя сувязі Крэва 14 стагоддзя:

Візуальныя сувязі Крэва 16 стагоддзя:

А. Шулаеў, 2006

Візуальныя сувязі Крэва 19 стагоддзя:

Шулаеў А., 2006

Ёсць некалькі версій аб паходжанні назвы Крэва. Па адной з іх, тут у свой час, жыў апошні паганскі святар Крэва-Крывэйтас, ад якога і пайшла назва. Па іншай версіі “Крэва” звязана з племем “крывічы”, якое сялілася ў гэтых мясцінах. Самі мясцовыя расказваюць, што калісьці тут адбылася бітва, у выніку якой мясцовая рэчка афарбавалася ў чырвоны колер, ад чаго і пайшла назва Крэва.
У пачатку 14 ст. (прыблізна 1323 г.) у Крэва з’явіўся князь Гедымін, і распачаў будаўніцтва замка, які ўвайшоў у абарончую сістэму Наваградак – Гродна – Ліда – Крэва – Меднікі – Трокі, створаную для абароны ад крыжакоў.
Замак быў пабудаваны па еўрапейскай сістэме “кастэль” – гэта тып замка распаўсюджаны тады ў Еўропе, які ўяўляў сабой добра ўмацаваную фартэцыю, што служыла для захоўвання зброі і ўтрымання гарнізона.
З усходу, поўдня, часткова захаду і поўначы замак бараніўся водамі рачулак, падпёртых плацінаю. Тут былі ўсяго дзве вежы, размешчаныя па дыяганалі. У вежы жылі князь, яго чэлядзь і начальнік замкавай варты. Княжацкія пакоі размяшчаліся на другім паверсе, дзе вокны значна больш і шырэй, чым на астатніх паверхах. Трэці паверх выконваў абарончыя функцыі. Вежа пры таўшчыні сцен 3 м. унізе і 2,5-2,6 м. на ўзроўні трэцяга паверха мела вышыню больш 25 м., таму што сёння ўцалелыя рэшткі яе дасягаюць вышыні каля 17,5 м.
Замак – сведка важных падзей. У 1382 г. у Княжацкай вежы па загаду Ягайлы быў задушаны яго дзядзька князь Кейстут. Вітаўт пры дапамозе служанкі цудам уцёк у Гародню.
У 1385 г. у Крэўскім замку былі прыняты ўмовы аб’яднання Літвы і Польшчы пад уладай Ягайлы (вядомае ў гісторыі як Крэўская вунія).
У 1443 г. замак быў узяты войскамі князя Свідрыгайлы, які ваяваў за вялікакняжацкі прастол з князем Жыгімонтам. У 1503-1506 гг. замак штурмавалі і значна разбурылі войскі перакопскіх татараў. Пазней тут, у Княжацкай вежы, жыў уцекач з Масковіі князь Андрэй Курбскі.
Замак падвяргаўся шматлікім набегам і стрымаў не адзін штурм. Ужо ў пач. 16 ст. ён быў “закінуты”. І паступова ператвараўся з ваеннага ў адміністрацыйны цэнтр, але яшчэ ў 18 ст.знаходзіўся ў добрым стане…
Найбольшыя разбурэнні замак зведаў падчас І сусв. вайны, калі праз мястэчка праходзіла лінія фронта.
У 20-х гг. замак кансервавалі польскія архітэктары. У 80-х гг. тут былі праведзеныя археалагічныя раскопкі. Цяперашні стан помніка – катастрафічны.

Сярод іншых помнікаў у Крэва можна назваць: гарадзішчы, Юрава гара, царква Аляксандра Неўскага (1854), сучасны касцёл Прэабражэння Гасподня, пабудаваны ў 90-ых гг. на месцы самага старога касцёла Беларусі, будынак сінагогі. Акрамя гэтага на тэрыторыі Крэва знаходзяцца два камяні з выбітымі на іх крыжамі, адзін ХІХ ст., другі значна ранейшы.

Фотаздымкi Больш фотаздымкаў у фотагалерэі